Перейти к основному содержанию

Што я пабачыў у анэксаваным Крыме і чым гэта падобна на Беларусь

Картинка из Fallout не просто так
Источник

Графіці з выявай Уладзіміра Пуціна ў Сімферопалі

Пяць гадоў Крым жыве ва ўмовах расейскай акупацыі. Аб’ектыўнай інфармацыі з паўвострава прыходзіць мала: мэдыяпрастора цалкам падкантрольная прызначаным Масквой уладам, незалежныя СМІ практычна вынішчаныя, праўкраінскіх журналістаў караюць за «распальваньне нацыянальнай варажнечы». Каб пабачыць усё гэта на ўласныя вочы, зь Беларусі ў Крым выправіўся невялікі журналісцкі дэсант.

Сьцісла

  • Як дапытваюць і што правяраюць, калі хочаш трапіць у Крым з тэрыторыі Ўкраіны.
  • Дзьве рэчаіснасьці Крыму: што адбываецца за мірным фасадам жыцьця.
  • Як беларускія вытворцы дапамагаюць ратавацца ад заходняй блякады.
  • Па цэнах на паслугі і харчы Крым спаборнічае з Масквой.
  • Гатэль «Ўкраіна» — ці не адзінае, што засталося ад Украіны ў Крыме.
  • Перасяленцы з Расеі выціснулі кіраўнічыя кадры ўсіх узроўняў.
  • Чым лёс Крыму паказальны для беларусаў.

У Крым праз Украіну: допыт патэнцыйных экстрэмістаў

Каб ня мець праблемаў з тамтэйшымі спэцслужбамі, даслалі адпаведныя запыты ў Міністэрства замежных спраў Расеі і ў Службу міграцыйнай палітыкі Ўкраіны. У выніку тры беларускія СМІ расейскі бок акрэдытаваў, а вось Радыё Свабода ў афіцыйным дазволе адмовілі. Украінскае ж ведамства ня ўгледзела нічога, што перашкодзіла б наведаць «часова акупаваную тэрыторыю».

На мэдыйным рынку пануюць прарасейскія СМІ

Маючы на руках прынамсі адзін дакумэнт, ужо можна было рызыкнуць — у найгоршым выпадку расейцы разьвярнулі б назад.

Пункт пропуску Каланчак — паўнавартасная мяжа: з абсталяванымі агнявымі пунктамі, пунктамі надгляду, навучанымі сабакамі і буфэрнай зонай. З боку Ўкраіны спраўджваюць міграцыйны дазвол і пашпарт, а на расейскім баку чакае пашпартны, мытны і эфэсбэшны кантроль.

Плякаты ў падтрымку крымска-татарскага народу ў Кіеве

З пацьвярджальнымі дакумэнтамі ўкраінская частка праграмы шмат часу не займае. Расейцы ж выяўляюць надзвычайную пільнасьць. Калегаў з афіцыйнай акрэдытацыяй прапусьцілі досыць лёгка (складаней было на зваротным шляху, бо хацелі ведаць, якую інфармацыю тыя здабылі), а вось самастойны падарожнік, ды яшчэ такі, што здолеў легалізавацца праз Кіеў, успрымаецца з падазрэньнем.

У маім выпадку дрэнную службу саслужылі штампы пра наведваньне краін Блізкага Ўсходу — Лібану і Ярданіі. Некалькі дзясяткаў крымска-татарскіх актывістаў адбываюць працяглыя тэрміны зьняволеньня (ажно да 20 гадоў) за датычнасьць да рэлігійна-палітычнай арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр», заснаванай ва Ўсходнім Ерусаліме на пачатку 1950-х. За ўкраінскім часам яе актывісты дзейнічалі легальна, у Расеі ж «Хізб ут-Тахрыр» лічыцца тэрарыстычнай арганізацыяй і на гэтай падставе забароненая.

Помнік-лякаматыў у Севастопалі

Супрацоўнікаў ФСБ цікавіла, адкуль узялася ідэя заехаць менавіта ў гэты рэгіён, ці былі сустрэчы з рэлігійнымі дзеячамі, якога сам веравызнаньня. Спраўдзілі тэлефонны даведнік на прадмет падазроных кантактаў, прагледзелі фотагалерэю і аўдыёфайлы. А яшчэ цікавіла, ці ёсьць знаёмыя высокапастаўленыя сілавікі ў адпаведных ведамствах Украіны і Беларусі. Гадзінная гутарка скончылася тым, што настойліва прапанавалі адкатаць пальцы і сфатаграфавацца анфас-профіль. Правераны і занесены ў аналы ФСБ, працягнуў крымскі паход.

Ізаляцыя ў прарасейскім анкляве

Візуальна жыцьцё ў крымскіх гарадах мала адрозьніваецца ад беларускага. Працуюць дзяржаўныя ўстановы, забаўляльныя клюбы, рэстарацыі. Людзі ідуць па справах, транспарт ходзіць, паліцыя наглядае. Трапляюцца турысты — амаль у 100% расейцы зь «вялікай зямлі», але можна наткнуцца і на беларусаў. Дабіраюцца пераважна самалётамі праз Маскву. Пра тое, што парушаюць законы Ўкраіны, нават не задумваюцца.

Сімферопальскі антураж

Недасьведчаны чалавек і не западозрыць, якія жарсьці разгортваюцца за гэтым мірным фасадам. А тым часам штодня судзяць актывістаў, якія і праз 5 гадоў ня могуць зьмірыцца з расейскай анэксіяй. Адвакаты намагаюцца выцягваць людзей з турмаў па ўсёй Расеі. Не спыняюцца спробы знайсьці сьляды тых, хто быў выкрадзены і зьнік. Пра ўсё гэта Свабода будзе расказваць у сваіх рэпартажах.

Грамадзтва паўвострава існуе ва ўмовах міжнародных санкцый. Замежныя інвэстары практычна адразу павыводзілі капіталы, і ўвесь бізнэс цяпер тут выключна расейскі. Даходзіць да абсурду: усясьветная сетка фастфуду KFC (Kentucky Fried Chicken) на старых плошчах ператварылася ў СFC (Crimean Fried Chicken). На шапіках у сярэдзіну слова «саМса» на шыльдах устаўляюць усім вядомае «М» з Макдональдсу.

KFC асыміляваўся ў СFC

У банкаматах карткі міжнародных эмісійных цэнтраў не абслугоўваюцца — толькі расейскія. Таму спадзеў выключна на наяўныя грошы. Роўмінг не працуе, затое багата ўнутраных апэратараў сувязі.

Ратавацца ад блякады актыўна дапамагаюць беларускія вытворцы. У крамах вялікі выбар малочных і мясных прадуктаў, гарэлкі і сокаў, цукерак і печыва. Абсталяваныя нават асобныя крамы з цалкам беларускім асартымэнтам — берасьцейскімі каўбасамі, лідзкім квасам, менскай мінэралкай. На пытаньне пра лягістыку гандляры адкрыта прызнаюцца, што спачатку ўсё вязецца ў расейскі Краснадар, а ўжо адтуль праз Керчанскі мост трапляе на паўвостраў.

Беларуская крама ў Сімферопалі

А ёсьць энтузіясты, якія дагэтуль, як у 1990-х, перавозяць тавар торбамі. Менавіта так папаўняецца сэзонная калекцыя ў невялікай сімферопальскай крамцы «Беларускі трыкатаж». Заўвага пра наступствы выклікае раздражнёны сьмех і запэўніваньне, што «плявалі крымчукі на санкцыі»: «Нас имеют, а мы крепчаем», — разьвеяла сумневы жанчына за прылаўкам.

Жыцьцё тут дарагое: па цэнах на паслугі і харчы Крым спаборнічае з Масквой ці нават яе апярэджвае. Расейскія пэнсіі і заробкі з 2014 году зьела інфляцыя, а цэны растуць ледзь не ў геамэтрычнай прагрэсіі. На гэта наракае, бадай, кожны, нават прыхільнік Пуціна. І прызнае: за меншую суму ў грыўнях можна было дазволіць сабе нашмат больш, чым за запаветны рубель.

Праваслаўны храм, якім апякуецца прэзыдэнт Пуцін

Вынішчэньне ўкраінскага асяродзьдзя

А вось ад украінскага пэрыяду практычна нічога не засталося — за выключэньнем хіба гатэля «Ўкраіна» ды вуліцы Кіеўскай у Сімферопалі.

Школы з украінскай мовай пазачыняныя (дзеці, якія хочуць далей вучыцца ў Кіеве, займаюцца з рэпэтытарамі падпольна). Украінскія выданьні разгромленыя і выціснутыя з інфармацыйнага поля. Катэдральны сабор Украінскай праваслаўнай царквы, якая да нядаўняга часу заставалася апошняй выспачкай украінамоўя, нацыяналізуецца, вернікам прадпісана пакінуць памяшканьне. Жоўта-блакітны сьцяг прыраўнаны да экстрэмісцкай сымболікі і забаронены, парушальнікі атрымліваюць рэальныя тэрміны зьняволеньня.

Амаль неверагоднае: гатэль «Украіна»

Адносна лепшыя справы ў крымскіх татараў — ня так лёгка скарыць амаль 400 тысяч абарыгенаў. За сьцяг не караюць, працуюць школьныя клясы, некаторыя з крымскіх татараў служаць у дзяржаўных установах. Але ў масе сваёй якраз татараў цяпер перасьледуюць найбольш: сотні чалавек ужо асуджаныя ці чакаюць выракаў па экстрэмісцкіх, тэрарыстычных ды іншых цяжкіх артыкулах. У размовах людзі параўноўваюць сваё жыцьцё з тым, што папярэднічала масавай дэпартацыі 1944 году.

Затое раздольле для аматараў «русского мира». На сьценах будынкаў — муралы з выявамі Ўладзіміра Пуціна, галоўнага архітэктара «вяртаньня Крыму ў родную гавань».

Урадавы будынак з прарасейскім хэштэгам

Урадавы будынак з помнікам Леніну на подступах, дзе працуе каманда расейскага прызначэнца Сяргея Аксёнава, упрыгожвае 3D-надпіс з хэштэгам «Крым. Россия. Навсегда». На сьцяне заводу электраінструмэнтаў — лёзунг: «Наш опыт и традиции — на службу России». Над вуліцамі расьцяжкі нагадваюць, наколькі важны для Масквы голас кожнага крымчука — 8 верасьня пройдуць выбары дэпутатаў дзяржсавету другога скліканьня.

Хваліцца сваімі посьпехамі крамлёўская партыя «Единая Россия»: новыя мікрараёны, школы, электрастанцыі, дарогі і масты. У гістарычным будынку ў цэнтры адміністрацыйнай сталіцы атабарылася грамадзкая прыёмная партыйнага лідэра Дзьмітрыя Мядзьведзева. Не адстаюць камуністы вечнага Генадзя Зюганава — па колькасьці нагляднай агітацыі ленінцы сярод перадавікоў. На стацыянарных тумбах красуецца лідэр лібэральных дэмакратаў Уладзімір Жырыноўскі.

Рэкляма КПРФ у Севастопалі

Зачыстка мясцовасьці для перасяленцаў

За некалькі гадоў расейцы з мацерыка ўпэўнена выціснулі кіраўнічыя кадры ўсіх узроўняў — даверу няма нават ляяльным мясцовым, якія памянялі ўкраінскія працоўныя кніжкі на расейскія. Як патлумачыў адзін з былых службоўцаў, лёгіка простая: хто раз прадаўся, на таго больш нельга разьлічваць. Роля тутэйшых адміністратараў зьведзеная да абслугоўваньня старшых па званьні.

Для перасяленцаў зь вялікай зямлі рыхтуюць інфраструктуру. Узводзяць цэлыя мікрараёны — асабліва ў стратэгічных гарадах. Мілітарызацыя паўвострава спрычынілася да рэзкага прытоку вайскоўцаў, якія зь сем’ямі пераяжджаюць сюды з усёй Расеі.

Наглядная агітацыя ў Севастопалі

Акрамя таго, адмысловыя дзяржаўныя праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Крыму ў розных галінах прадугледжваюць перагляд кадравага рэгістру ў прамысловасьці, будаўніцтве, транспарце, мэдыцыне, адукацыі і г.д. Калі кіравацца дадзенымі адкрытых вакансій у розных рэгіёнах Расеі, гаворка пра сотні тысяч месцаў, на якія могуць прэтэндаваць кандыдаты.

Няма дакладнай статыстыкі, колькі ўладальнікаў украінскіх пашпартоў вымушана пазьяжджалі ва Ўкраіну ды ў іншыя месцы. Крымскія татары называюць лічбу 50 тысяч адносна толькі сваіх суродзічаў, дзясяткамі тысяч вымяраецца колькасьць украінцаў ды іншых нацыянальных групаў.

Плякат на заводзкім цэху ў Сімферопалі

Чым лёс Крыму паказальны для беларусаў

Лёс Крыму надзвычай паказальны для народаў, якія ўяўляюць стратэгічны інтарэс для Крамля — перадусім для беларусаў. Ідэалягічная база, якая пачала фармавацца задоўга да анэксіі, мала чым адрозьніваецца ад таго, з чым штодзённа сутыкаюцца жыхары Беларусі. Татальная русыфікацыя усіх сфэраў, ваяўнічая рыторыка тэлеканалаў, вайсковая прысутнасьць, сыравінная залежнасьць, рычагі ўплыву на вышэйшых кіраўнікоў (Аляксандар Лукашэнка і Ўкраіна часоў Віктара Януковіча) — усё гэта зьвёны аднаго лягічнага ланцуга.

Вяртаньне савецкай тапанімікі

З улікам убачанага ўжо не выглядае асаблівай фантастыкай, што на фоне апатыі насельніцтва і ўхваленьня палітыкі ўсходняга саюзьніка над беларускімі гарадамі можа залунаць расейскі трыкалёр...

Радыё Свабода © 2019 РС | Усе правы захаваныя.

''отсканируй
и помоги редакции